Праўду кажуць: шляхі Гасподнія нязведаныя. 55 гадоў таму звёў Бог на скрыжаваннях лёсу шчыра веруючага католіка Генрыха і абсалютную атэістку Вольгу. Хлопец – з сям’і, дзе вякамі Бог быў на першым месцы, дзе штодзень бацькі і дзеці маліліся перад абразамі, а ў нядзельку спяшаліся да касцёла. І дзяўчына, у сям’і якой пра Бога нават размовы не было, мала таго, бацька і іншыя сваякі служылі ў НКВД. Волечка з маленства жыла партыйнымі лозунгамі і нават уявіць не магла, што ў яе жыцці можа што-небудзь змяніцца. Але ж змянілася, ды так крута…

У лістападзе Генрых Станіслававіч і Вольга Іванаўна адзначаць 55 гадоў сумеснага жыцця. Прыгожая дата, ці не так?! Дзве вялікія пяцёркі паставіла ім жыццё за тое, што зберагалі вернасць адзін аднаму, жылі ў міры і згодзе, выгадавалі дастойных дзяцей, дачакаліся ўнукаў, праўнукаў. За тое, што ніякай працы не баяліся і праз усе гады пранеслі ў сэрцы бацькоўскі наказ – жыць па-людску і род свой шанаваць. Наказ такі перадаецца ў родзе Крыцкіх з пакалення ў пакаленне, і так будзе ва ўсе часы.
Так пачыналася гісторыя кахання
У 1946-м годзе ў Поразава (на той час цэнтр раёна) быў прысланы новы начальнік НКВД, і пасялілі яго на кватэру да Крыцкіх. Потым прыехаў намеснік начальніка, стаў кватаравацца ў блізкіх сваякоў Крыцкіх. Адносіны паміж гаспадарамі і кватарантамі складваліся вельмі добрыя, нягледзячы на розныя погляды і веравызнанні. Потым НКВДзістаў перавялі ў Бераставіцу, але сувязь страчана не была.

Генрых скончыў дзесяцігодку, пайшоў у армію. Служыць давялося далёка ад дома, аж у Архангельскай вобласці, у горадзе Мірны. Два гады і восем месяцаў аддаваў доўг Радзіме, а калі вярнуўся, паехаў у Гродна ўладкоўвацца на працу. Хлопец пасяліўся ў кватэры ўдавы былога чэкіста, які калісьці кватараваўся ў доме яго сваякоў. І вось сюды да роднай цёткі з далёкага горада Угліч Яраслаўскай вобласці прыехала на зімовыя канікулы пляменніца Вольга.
Яна тады вучылася ў 10 класе і да хлопцаў яшчэ не мела ніякага інтарэсу. Затое такі інтарэс з’явіўся ў маладога кватаранта!
Ён не зводзіў з дзяўчыны вачэй, прапанаваў ёй прагуляцца па горадзе, схадзіць у кіно. Вольга хоць і рабіла выгляд, што такія прапановы яе мала цікавяць, але ўсё ж дала згоду. Канікулы хутка скончыліся, і Вольга вярнулася ў свой Угліч. Услед за ёю паляцелі лісты, поўныя пяшчоты і любові. Генрых сумаваў. Ён лічыў дні, калі Волечка скончыць школу і прыедзе паступаць у Гродна ў інстытут. Яна прыехала, але не паступіла, бо не хапіла аднаго бала. Генрых, доўга не думаючы, прапанаваў дзяўчыне руку і сэрца. Душа ў хлопца зайшлася ад хвалявання: а раптам адмовіць? Не, не адмовіла.
6 лістапада 1970 года яны сталі мужам і жонкай. Вяселле было ў Поразаве.
– На другі дзень, 7 лістапада, у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, я думала, што, як заўсёды, пойдзем на святочную дэманстрацыю, – з усмешкай успамінае Вольга Іванаўна. – А тут свякроў мне кажа, што паедзем у Ружаны браць шлюб. Я ж паняцця не мела, што гэта такое. Але ж паехала, што было рабіць. Там, у касцёле, сустрэў нас святар айцец Міхал. Запрасіў мяне ў асобны пакой, што за алтаром, і пачаў размову. Доўга мы з ім гутарылі. Ён мне даў паперу, дзе былі напісаны ўсе галоўныя запаведзі для замужняй жанчыны, для сямейнага жыцця. Я чытала і была згодна з кожным пунктам. Здавалася тады, што ўсё жыццё чакала менавіта гэтага дня. За няпоўную гадзіну прайшла ўвесь інстытут сям’і. Так адбылося маё знаёмства з Богам, дакрананне маёй душы да Яго любові. Раз і назаўсёды.
Я ж атэісткай была, няхрышчаная. У маёй сям’і ніхто ў Бога не верыў, нават размовы не было. А тут неяк раптам усё сталася, я ўсёй істотай адчувала, што ўва мне нешта мяняецца, нават слёзы набеглі на вочы, і я іх не магла стрымаць. Пахрысцілася, мы ўзялі шлюб, і вось ужо 55 гадоў Бог вядзе нас па жыцці. Тыя запаведзі, што даў мне айцец Міхал, сталі для мяне самым важным законам, самым галоўным дакументам па жыцці.
Бацькі Генрыха Станіслаў Іванавіч і Вераніка Станіславаўна прынялі мяне са ўсёй уласцівай ім шчырасцю. З першых дзён адчувала іх цеплыню і адкрытасць.
Пасля вяселля маладыя вярнуліся ў Гродна. Генрых працаваў на тытунёвай фабрыцы. Вольга таксама ўладкавалася на працу, потым паступіла вучыцца ў кааператыўны тэхнікум, паспяхова скончыла і стала працаваць у кааперацыі.
Самы надзейны прычал
Спачатку здымалі жыллё, а потым атрымалі трохпакаёвую кватэру. Нарадзіліся дзеткі – сынок Станіслаў і дачушка Алена. Раслі паслухмянымі, добразычлівымі, адкрытымі дзецьмі. У горадзе ў іх былі сябры, наведвалі розныя гурткі, былі актыўнымі ў школе. А на канікулах і рваліся да бабулі Веранікі з дзядулем Стасем у Поразава. Вось дзе былі ім выгода і раздолле! І не толькі адпачывалі тут, але і дапамагалі ва ўсім. Аленка з бабуляй палола грады, а Стасіка дзед вучыў мужчынскім справам, якія ў свой час спасцігаў бацька.
– Я быў адзіным сынам у сям’і, – дзеліцца ўспамінамі Генрых Станіслававіч. – Сясцёр, вядома ж, таксама любілі, шкадавалі, але мне найбольш увагі даставалася. Гэта не значыць, што я рос “царком”. Бацькі да працы прывучалі змалку. Падрос трохі – бацька касіць навучыў, за плугам хадзіць, дровы рубаць. Мы з ім нешта стругалі, рамантавалі, словам, заўсёды справа была. Бацька казаў, што гультаёў у нашым родзе не было і не будзе ніколі.
Тата для мяне ва ўсім быў прыкладам, я ім ганарыўся. І вельмі хацелася, каб і ён ганарыўся мной. А дом гэты для нас быў, як у песні пяецца, – самы надзейны прычал.
Да гэтага “прычала” прыплыла сынава “лодка”, калі не стала маці, а бацька застаўся адзін. Каб не было яму сумна, сын з нявесткай вырашылі прыехаць у Поразава і быць побач з родным чалавекам, падтрымаць яго ў пажылым узросце.
Добры дагляд, цеплыня і ўвага прадоўжылі век дзеда Станіслава. Ён пражыў на свеце 97 гадоў, атулены клопатам і ласкай.
Без Бога – не да парога
Сям’я Крыцкіх жыве ў гэтым доме ўжо больш за дваццаць гадоў. З таго часу, як не стала бацькі, тут шмат чаго змянілася. Той хаткі, якую калісь пабудаваў дзед Іван, не пазнаць. Куды ні глянь, да ўсяго прыклаў свае ўмелыя рукі Генрых Станіслававіч. Унутры дома ўсё зроблена па-новаму, па-сучаснаму. Паменены падлога, столь, зроблены новы дах, праведзены водаправод. Двор увесь у кветках, у адной цяпліцы спеюць памідоры, перцы, вінаград, а ў другой устаноўлены вялікі басейн. Хіба няма таго, што б не маглі зрабіць гэтыя рукі. Але мусім дадаць, што ўсё гэта робіцца пад мудрым кіраўніцтвам жонкі Вольгі Іванаўны. Гэта яна тут галоўны прараб, архітэктар і дызайнер. Аднак галоўнае яе прызначэнне – гэта жонка, маці, бабуля.
– Няма нічога важнейшага за сям’ю, – гаворыць Вольга Іванаўна. – Я гэта зразумела яшчэ ў той дзень, калі нашы лёсы навечна звязаў Бог у Ружанскім касцёле. Нам казалі, што сям’я – гэта ячэйка грамадства. Не, сям’я – гэта такая маленькая дзяржава, дзе пануюць свае законы, свае ўклады, свае статуты. З гэтай “дзяржавы” выходзяць дзеці, унукі. Што вынясуць яны з сям’і, з тым і будуць жыць, тое перададуць сваім дзецям. Гэта самая важная спадчына, якую павінны перадаць бацькі дзецям. Калі ў сям’і пануюць згода, узаемапавага, любоў, у ёй не будзе непаразуменняў. І так важна, каб галоўным спадарожнікам ва ўсіх справах быў Бог, бо без Бога – не да парога.
Я пакідала гасцінны дом Крыцкіх з пачуццём удзячнасці за тое, што дазволілі дакрануцца да нечага светлага, патаемнага, чыстага. З задавальненнем прайшлася па двары, дзе кожны куточак вабіць хараством, створаным рукамі гаспадара і гаспадынькі. Немагчыма не захапляцца іх выдумкай і фантазіяй. Не кажучы ўжо пра гасціннасць і шчырасць.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Крыцкіх