23.06.2025
У аграгарадку Корнадзь адбылося свята рушніка
Хто і калі выткаў першы вузенькі кавалак тканіны, а потым зрабіў на ім узоры, мы ўжо ніколі не даведаемся. Але дасканала вядома, што з тых вельмі даўніх часоў прыйшлі да нас дзівосныя вырабы, створаныя рукамі самавітых і таленавітых гаспадынькаў, – рушнікі! Колькі цудоўных песень складзена ў іх гонар, колькі напісана вершаў! А якое значэнне на працягу многіх стагоддзяў меў рушнік! Гэта ж не проста даўгаваты кавалачак бялюткага ільнянога палатна. Які ні вазьмі ў рукі, кожны рушнік з’яўляецца вырабам мастацтва. Прычым стварылі тыя шэдэўры не адукаваныя мастакі, не людзі з дыпломамі, а найчасцей зусім непісьменныя жанчыны, дзяўчаты, якія не ўмелі ні чытаць, ні пісаць, а толькі працаваць. Сёння нам цяжка ўявіць, як пасля цяжкай работы ў полі, калі не разгібаючы спіны жалі жанчыны жыта, пшаніцу, садзілі, палолі, збіралі ўраджай. Прыбягалі дахаты, каб прыгатаваць нешта дзецям, даглядзець жывёлу і пасля ўсяго гэтага сядаць за кросна ткаць, пакуль самі не закрыюцца вочы ад стомы, схіляцца над вышыўкай. І так кожны дзень. Толькі зімою было трошкі больш часу на рукадзелле. І да гэтай справы прывучаліся дзяўчынкі з маленства. На сяле не было ніводнай дзяўчыны, якая не ўмела б прасці, ткаць, шыць, вышываць, вязаць пруткамі, шыдэлкам. Не было на сяле няўмелых дзяўчат. Як, дарэчы, і хлопцаў. Дакрананне да мінулага Мінулі тыя часы, адыйшлі ў нябыт. Даўно не ходзяць дзяўчаты на вячоркі з вышыўкай і вязаннем. І ўсё ж, вельмі цешыць, што мала памалу адраджаецца гэтае рамяство. Вось ужо і карціны з вышыўкай сталі моднымі. І нават дарагімі. Усё больш людзей захапляюцца гэтым відам мастацтва. А яшчэ больш цешыць, што да гэтага далучаюцца дзеці. Дзяўчынкі з задавальненнем бяруць у рукі пяльца, мулінэ і ствраюць свае першыя ўзоры. У Корнадскім сельскім філіяле-клубе работкнікі ўстановы наладзілі цудоўнае свята, прысвечанае рушніку. Не дзіўна, што менавіта ў гэтым лясным куточку яно адбылося. Вось ужо больш як дзесяць гадоў у Корнадскай васьмігадовай школе існуе музей рушніка. У мінулым годзе яму было прысвоена званне “народны”. Свята пачалося шэсцем да школы. Удзельнікі няслі вялізны 16 мятровы “Рушнік малой радзімы” Гродзенскай вобласці. На парозе школы сустракалі дзеткі ў беларускіх нацыянальных касцюмах і з караваем на вышытым рушніку. І вось ён, музей. Яго стваралі шмат гадоў настаўнікі, вучні, іх бацькі. Дарэчы, творчыя камандзіроўкі не спыніліся і сёння. Геаграфія пошукаў даволі шырокая. Калі першыя экспанаты былі прынесены ў школу ад мясцовых жыхароў, то пасля рушнікі дастаўляліся з бліжэйшых вёсак – Ханявічаў, Сабалькоў, Куклічаў і нават з суседняй вобласці. І не толькі рушнікі зараз экспануюцца ў музеі. Тут і разнастайныя хатнія прылады¸ без якіх ніяк не маглі б абыйсціся нашы продкі. Гэта і адзенне, у якім калісьці на вячорках ці на святах красаваліся дзяўчаты і хлопцы, гэта і лялькі-абярэгі, і старадаўніпосуд і ўсё-усё, што калісці было зроблена рукамі майстроў і майстрых з народу. Дырэктар школы, яна ж дэпутат раённага Савета дэпутатаў, Вольга Лысевіч, уводзіць гасцейуў рушнікровы свет. З невялічкага куфэрка яна дастае адзін за другім рушнікі і ў паэтычнай форме расказвае, да чаго менавіта яны прызначаліся. Гэта не проста аўтарскія вершы, гэта цэлая прыгожая быліна, прысвечаная цудоўным вырабам. З самай душы Вольгі Аляксандраўны ліліся тыя цудоўныя словы, як чысцюткая вада з крынічкі. З такой асалодай яна расказвала пра рушнікі, якімі выціралі твар ат поту і рукі пасля цяжкай працы, пра рушнік-набожнік, якім ва ўсе часы ўпрыгожвалі чырвоны кут з іконамі. Пра вясельны рушнік, рушнік, на які прымалі нованароджанае немаўлятка, рушнік, які прызначаўся толькі для хлеба, Пра рушнік, на якім у царкве стаялі малады з маладою і давалі зарок жыць у згодзе і каханні, пакуль смерць не разлучыць. Вольга Лысевіч зрабіла гасцям незвычайную прапанову: дакрануцца да экспаната, які найбольш спадабаўся, каб на момант аб’яднацца з мінулым. Госці дакраналіся рукой да рушнікоў і, напэўна, уяўлялі сабе жанчыну, якая схілілася над кроснамі, ці калаўротам, альбо дзяўчыну, якая іголкай з каляровай ніткай стварала на бялюткім кавалку палатна ўзоры. А гэта і сінія валошкі, і стракатыя пеўнікі, і сонечныя праменьчыкі над каласістям полем, і чырвона-чорныя ўзоры, які ўмелі чытаць нашы продкі. Чырвоны колер – гэта сімвал жыцця, а чорны – гэта наша зямелька-карміцелька. У школе зараз адведзена тры пакоі на музейныя экспанаты. І, думаю, што гэтым не абмяжуецца. Бо работа пошукавая работа працягваецца. Пра цікавыя экспанаты расказалі таксама настаўнікі школы Мікалай Савіцкі і Таццяна Шастак. І ў другіх пакоях можна было дакрануцца да мінулага, адчуць яго далёкі подых. На сённяшні дзень у Корнадскім музеі рушніка больш за 800 экспанатаў. Лёс, вышыты на палатне Экскурсія па музею скончылася. Усе напраўляюцца да клуба-філіяла, дзе адбудзецца галоўная падзея свята. На ўваходзе пачэснаму госцю – старшыні Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктару Суботка – ўручаецца каравай. А ў фае гасцей чакае яшчэ адна кароценькая экскурсія. Спачатку Вольга Лысевіч пазнаёміла прысутных з калаўротам, узгадала цікавыя асабістасці гэтай прылады, прыгадала лягенды, звязаныя з пралкай, калаўротам. Насця Белко расказала пра старадаўні прас, якім карысталіся калісьці гаспадыні. Марына Навошчык паказала маслабойку, якой зараз, на жаль, ужо амаль ніхто не карыстаецца. А Максім Ганчарэвіч паведаў гасцям гісторыю рушніка, якому ўжо больш за сто гадоў і які перадала ў школу Ніна Іванаўна Янюк. У тым жа фае былі размешчаны выстаўкі таленавітых майстрыц-вышывальніц. Свае вырабы прадставілі жыхаркі Корнадзі Вера Іванаўна Лічык, Яўгенія Васільеўна Саўко. Са Свіслачы свае вышываныя шэдэўры прывезла сучасная таленавітая майстрыха Жана Сыраежка. Яна зусім нядаўна пачала займацца гэтым рамяством, але тое, што ствараюць яе рукі, падобна цуду. У глядзельнай зале пачынаецца свята. Вядучыя Аксана Кулініч і Галіна Ганчарэвіч прапануюць гледачам паглядзець кароценькі фільм пра тое, як нараджалася вёска Корнадзь. Пра тое, як хлопец Янка і дзяўчына Ганначка сустрэліся, закахаліся і пасяліліся потым на балоцістай і караністай зямлі, адкуль і пайшла назва Корнадзь. З цёплымі словамі прывітання звярнуўся за прысутных Віктар Суботка. – Ужо стала добрай традыцыяй – сказаў Віктар Аляксеевіч, – правядзенне шматлікіх мерапрыемстваў рознапланавага характара. Гэта і сустрэчы землякоў, свята лесу, кулінарныя святы, а вось сёння мы акунуліся ў культурную спадчыну, у гісторыю рушніка. Падрыхтоўтака такога свята патрабавала шмат намаганняў, таму хачу падзякаваць тым людзям, якія вам дапамагалі, а гэта сельскі актыў, на які заўсёды можна разлічваць, школа, другія неабыякавыя людзі. Шчыра жадаю ўсім міра, дабра, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні новых адкрыццяў, новых здзяйсненняў на блага нашай дарагой Беларусі. Няма нічога больш важнага і каштоўнага для народа, чым яго традыцыі. Гэта яны дапамагаюць захоўваць сувязь з продкамі, памятаць аб мінулым. Лёс чалавека, вышыты на палатне, думкі і мары, адлюстраваныя на рушніковым узоры, здзіўляюць і натхняюць нас шмат гадоў. Мова вышыўкі можа не горш за словы расказаць пра гісторыю народа. Дарэчы, ёсць сцвярджэнне, што самы стары рушнік на Беларусі датуецца сярэдзінай ІІІ стагоддзя да нашай эры. Пра гэта расказвае са сцэны таленавіты хлопчык у вышытай кашульцы, які прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах як у школе, так і ў клубе –Максім Ганчарэвіч. У яго руках рушнікі, дзіцячая кашулька, у якой хрысцілі немаўлятка, другія цікавыя вырабы. На сцэну падымаюцца самабытныя корнадскія майстрыхі Вера Лічык, Яўгенія Саўко, свіслацкая вышывальніца Жана Сыраежка. Віктар Суботка ўсіх вітае шчырымі словамі падзякі і ўручае падарункі. Што нас аб’ядноўвае Розную ролю выконвалі калісьці рушнікі. Адзін з іх – вясельны рушнік-падножнік. На ім стаялі ў царкве маладыя падчас шлюбу. Той рушнік надзяляўся высокім абрадавым статусам. Яго захоўвалі ўсё жыццё, як залог сямейнага шчасця. Такі абрад у некаторых рэгіёнах Беларусі захаваўся і сёння. А ў клубе стаць на такі рушнік-падножнік вядучыя запрасілі юбілейныя пары, якія пражылі шмат гадоў у згодзе і ўзаемаразуменні. А гэта Таццяна і Сяргей Еська, Вольга і Вячаслаў Гаворка, якія сёлета адзначылі сваё сярэбранае вяселле, Людміла і Аляксей Анісені, пражыўшыя разам трыццаць гадоў, Андрэй і Ірына Туракі, за спіною ў якіх сорак шчаслівых гадоў, і залатыя юбіляры, якія ідуць па жыцці ўжо пяць дзесяцігоддзяў – Ніна і Іван Анціпкіны. Віктар Суботка ўручае юбілярам падарункі. А далей пачынаюцца побытавыя танцы. Тыя, што калісьці на вячорках танчылі нашы бабулі і прабабулі. Вядучыя запрашаюць да танца і гледачоў. На “Лысага” было жадаючых няшмат, а вось, калі зайгралі полечку, то нават бабулька, якая прыйшла ў клуб з кіёчкам, кінула яго і пачала прытупваць нагамі, а потым нават прыпеўкі заспявала. Вось, на што здольна наша родная беларуская музыка! Быў на свяце яшчэ адзін вельмі кранальны момант. Вядучая Аксана Кулініч павіншавала з днём нараджэння сваю матулю Людмілу Мікалеўну Драб, у якой акурат у той дзень быў дзень нараджэння. Песня, якую Аксана заспявала на сцэне, не магла не закрануць сэрца. І той вялізны букет, які дачка ўручыла любай матулі, быў для яе найдаражэйшым падарункам. А потым гучалі песні. Іх дарылі гледачам ансамбль песні “Крынічанька” Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчяасц , артысты Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу, салісты Іосф Дмухоўскі, Валянціна Аўсейка, Алена Канюк, Тамара Лявіцкая, Віктар Барэль, Сяргей Ермаковіч. Усіх прысутных у зале вядучыя пачаставалі смачным караваем і ў заключэнне выказалі шчырыя словы ўдзячнасці за фінансавую падтрымку старшыні Навадворскага выканаўчага камітэта Ірыне Якуце, загадчыку сектарам культуры Свіслацкага райвыканкама Ірыне Гутар і асаблівую падзяку адрасавалі дырэктару Корнадскай бязавай школы Вользе Лысевіч. Такія святы ў раёне сталі традыцыйнымі. Яны вяртаюць нас у мінулае, у тыя гады, калі далёка яшчэ было да цуда-тэхнікі – камп’ютэраў, тэлефонаў, смартфонаў, айфонаў. А былі проста цёплыя адносіны, дабрыня, спагада, падтрымка ў цяжкія часы, чалавекалюбства, адкрытасць, чысціня пачуццяў. Тыя часы не вернуцца да нас. Але што нам перашкаджае быць больш адкрытымі, чулымі, спагадлівымі адзін да аднаго?! Усе мы – людзі! Мы – беларусы. Гэта аб’ядноўвае ўсіх нас, родніць, дазваляе ганарыцца тым, што наша нацыя самая міралюбівая, самая гасцінная, самая шчырая. Ядвіга КОБРЫНЕЦ Фота аўта